Мне на сэрцы золатам вышывалі краты1,
кроў балюча крапала на маю душу
з голкі дыяментавай аж у тры караты —
вось якое дзіва я ў грудзях нашу.
А бывае, падаю з усяго размаху,
дык на сэрцы золатам шэсць крыжоў звіняць
аб зямельку родную, быццам меч аб плаху, —
ні віном, ні лекамі боль той не суняць.
Дзе ўпаду, каб ведаў я, дык падклаў падушку б,
але ж вочы-зоркі сочаць, на бяду,
мабыць, цяжар кратаў датуль насіць мушу,
пакуль ў магілу-матку не ўпаду.
Мне на сэрцы золатам лёс мой вышывалі,
нітак не хапіла на апошні прэнт,
а калі паўмёртвага мяне пакідалі,
уваткнулі ў сэрца голку-дыямент.
Можа, каму трэба залатая нітка,
голка з дыяменту, я вас папрашу,
калі вам няцяжка, калі вам нябрыдка, —
выратуйце сэрца, вызвальце душу!
Гэта ж вельмі проста: нітку — у клубочак,
голку — у скарбонку, што ў крыві — дарма,
без віны ды боязі спіце сабе ўночы,
ну а вашым ворагам сніцца хай турма.
З матамі, вар'ятамі,
з сабакамі іклатымі,
ды пад аўтаматамі
з залатымі кратамі
будзе
хай
яна!
|
|